ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКІ ФРОНТ (ПАГФ, ПАФ),
аб’яднанне антыфаш. сіл Румыніі ў 2-ю сусв. вайну. Узнік у чэрв. 1943 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Уваходзілі КПР, «Фронт земляробаў» (засн. ў 1933), Саюз патрыётаў (засн. ў 1942), Саюз венг. працоўных у Румыніі (засн. ў 1934), Сял. сацыяліст. партыя, некаторыя мясц. арг-цыі С.-д. партыі; сац. база — рабочыя, сяляне, ч. інтэлігенцыі. Яго праграма (платформа) прадугледжвала арганізацыю актыўнай, у т. л. ўзброенай, барацьбы за звяржэнне ваен. дыктатуры І.Антанеску, выхад Румыніі з вайны на баку фаш. дзяржаў і далучэнне да антыгітлераўскай кааліцыі, неадкладнае спыненне паставак харч. і ваен. тавараў Германіі, пакаранне ваен. злачынцаў і інш. ПАФ — этап на шляху да Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944. 12.10.1944 арг-цыі — удзельніцы ПАФ разам з прафсаюзамі і інш. аб’яднаннямі ўтварылі Нац.-дэмакр. фронт, які істотна паўплываў на далейшае паліт. развіццё Румыніі.
т. 12, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)